Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква

Беларуская Грэка-Каталіцкая (Уніяцкая) Царква

Архіпастырам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (БГКЦ) з'яўляецца прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынал Леанардо Сандры. Кіраўніцтва штодзённым жыцьцём Царквы ажыццяўляе Апостальскі Візітатар “ad nutum Sanctae Sedis” для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

ПАРАФІІ:
БАРАНАВІЧЫ. Парафія сьвятых роўнапостальных Кірылы i Мятода
а. Зміцер Чарнель, CSsR
Адрас: вул. Міцкевіча, 6

28/04/2024

28 красавіка Царква адзначае памяць св. Кірылы Тураўскага, гонар беларускай зямлі, найбуйнейшага майстра слова, выдатнага асветніка, філосафа і прамоўцу, біскупа Тураўскай епархіі, аднаго з высокаадукаванейшых людзей свайго часу.

Кірыла Тураўскі праславіўся як прапаведнік, выдатны майстар урачыстага царкоўнага красамоўства, які горача клапаціўся пра духоўную дасканаласць суайчыннікаў. Ужо ў рукапісным «Саборніку» XIII ст. ён называецца «святым манахам».

Радуйся, блаславёны ойча Кірыла, што заззяў у нашай краіне ясней за промні сонечныя дабрадзейнасцямі і збавеннымі словамі; мудры сярод мудрых, выдатны красамоўца, настаўнік пакаяння; радуйся, ціхае мора розуму, што вуснамі і розумам пацёк услед за Хрыстом. Малі Яго даць душам нашым веліч змілавання.

http://cssr.by/tsarkva/svyatyya/228-turauski.html

27/04/2024

Вялікая Вячэрня на Нядзелю самаранкі і свц. Кірылы Тураўскага

http://cssr.by/2019-03-04-08-41-21/chasaslou/229-samaranki.html

25/04/2024

У Старым Запавеце на старонках Бібліі мы знаходзім строгую забарону ствараць вобраз Бога. Як тады быць з нашымі іконамі?

Варта памятаць, што гэтая забарона ў Старым Запавеце мела на мэце ў першую чаргу перасцерагчы ад ідалапаклонства, г.зн. ад стварэння скульптур і выяваў, якія адводзяць ад пакланення адзінаму праўдзіваму Богу.

У Новым Запавеце апостал Ян Багаслоў так і кажа: «Бога ніхто ніколі не бачыў», - аднак робіць важнае дапаўненне: «Адзінародны Сын, Які ва ўлонні Айца, аб'явіў». Паколькі апосталы бачылі Бога, яны маглі Яго адлюстраваць - гэта аснова для напісання ікон. Богаўцелаўленне — аснова іканапісу.

З першых гадоў хрысціянства з'яўляюцца асобныя святыя выявы, у прыватнасці, у катакомбах. Пазней яны развіваюцца і афармляюцца ў пэўны хрысціянскі сакральны стыль. Аднак толькі ў кантэксце іканаборства ўзнікае неабходнасць багаслоўскага абгрунтавання іканапісу. І зрабіў гэта найбольш таленавіта, цікава і арыгінальна выдатны хрысціянскі багаслоў Ян Дамаскін: «Пакланяюся іконе Хрыста як уцелаўлёнага Бога, таму што пашана, якую мы аддаем вобразу, належыць Першавобразу».

Гэта значыць, што ў іконе мы ўшаноўваем не сам вобраз, а выяўленую асобу. Мы малітоўна сузіраем гэтую асобу і звяртаемся да яе. І гэта вельмі важна памятаць. VII Усяленскі Сабор у 787 г. асудзіў іканаборства і пацвердзіў практыку іконашанавання, і адзначыў вельмі важную розніцу паміж пакланеннем-служэннем і пакланеннем-шанаваннем, якое мы аддаем іконам, Евангеллю, крыжу або мошчам святых.

Ікону можна назваць «багаслоўем у колеры», паколькі праз ікону Царква перадае нам сваю веру — багаслоўе, напісанае ў тэкстах, паўстае перад намі ў колеры. Ікона мае свой пэўны сакральны канон, паводле якога яна ствараецца. Яна прамаўляе да нас на мове сімвалаў. І важна ўмець гэтую мову прачытаць. Найлепш яна чытаецца, калі мы духоўна сузіраем ікону.

25/04/2024

Навучыўшыся ў вярхоўнага Пятра, ты стаўся апосталам Хрыстовым і як сонца зазьзяў на ўвесь сьвет. Ты – краса Александрыі, і табою, блаславёны, Егіпет ад маны вызваліўся. Евангельскім вучэньнем тваім ты ўсё прасьвятліў, стаўпе царкоўны. Дзеля гэтага, шануючы памяць тваю, радасна сьвяткуем, Марка багаслоўны. Малі Бога, якога ты абвяшчаў, каб ён даў душам нашым адпушчэньне грахоў.

24/04/2024

Калі Слова насамрэч сталася целам (пар. Ян 1, 14) і мы сапраўды прымаем уцелаўлёнае Слова як спажытак Госпада, дык ці не трэба прызнаць, што сутнасна знаходзіцца ў нас Той, Хто, нарадзіўшыся як чалавек, непадзельна прыняў прыроду нашага цела, аб’яднаў яе са Сваёй вечнай прыродай і ўдзяліў яе ў таінстве Свайго Цела, у якім мы павінны ўдзельнічаць? Так усе мы адзіныя, бо ў Хрысце ёсць Айцец, а Хрыстос ёсць у нас. Ён знаходзіцца ў нас праз сваё Цела, а мы знаходзімся ў Ім. Наша прырода, якая ёсць у Хрысце, ёсць у Богу.

Св. Гілярый

24/04/2024

У сераду пасля нядзелі Расслабленага, у сярэдзіне Пяцідзясятніцы, а менавіта паміж Вялікаднем і святам Зыходу Святога Духа, Царква адзначае свята Паловы Пяцідзясятніцы. Сінаксар гэтага дня так тлумачыць з'яўленне свята: «У сераду Расслабленага спраўляем свята Паловы Пяцідзясятніцы ў гонар двух вялікіх святаў — Вялікадня і Пяцідзясятніцы. Палова яднае і злучае абодва гэтыя святы». Свята мае васьмідзённае пасвяцце да серады пасля нядзелі самаранкі.

Аснову гэтага свята Царква ўзяла са Святога Евангелля, дзе сказана, што ў сярэдзіне свята Кучак Ісус Хрыстос «увайшоў у храм і пачаў вучыць» (Ян. 7, 14). Ён гаварыў пра Яго Боскую місію і пра таямнічую ваду: «Мая навука - не мая, — сказаў Хрыстос, — але Таго, Хто паслаў Мяне... Хто прагне, няхай прыходзіць да Мяне і п’е!» Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, пацякуць рэкі вады жывой!» «Такім чынам, Ён сказаў пра Духа, каб тыя, хто верыць у Яго, прынялі Яго» (Ян 7, 16 і 37-39).

Гэтае свята існавала ўжо ў часы святога Яна Залатавуста († 407 г.). Укладанне службы свята прыпісваюць Анатолю, Канстанцінопальскаму патрыярху († 458 г.), святому Андрэю Крыцкаму († 740), святому Яну Дамаскіну († каля 749) і святому Тэафану Вызнаўцу († 817).

Свята Паловы Пяцідзясятніцы заклікана ўмацаваць нашу веру ва ўваскрослага Хрыста, заахвоціць да выканання Божых запаведзяў і падрыхтаваць да Узнясення Гасподняга і Зыходу Святога Духа. На ютрані гэтага дня спяваем: «Асветленыя, браты, Уваскрасеннем Збаўцы Хрыста і дасягнуўшы паловы свята Гасподняга, шчыра захаваем запаведзі Божыя, каб быць годнымі і святкаваць Узнясенне і атрымаць прышэсце Святога Духа».

23/04/2024

Ойча Святы, Недасяжны, Адзіны,
Дзякуй за гнеў і за ласку Тваю.
Згроб я грахі свае ўсе і правіны
І перад карай жаданай стаю.
Кшчоны паганец,
Я кайнасць спатоміў -
Кленчыў нябёсам, кунежыў зямлю.
Ойча, даруй мне, пахіла малю.
Ойча спагадлівы,
Ойча суровы,
Колісь спачутым быць сподзеў таю,
Покуль мяне не зракаюцца словы,
Дзякаваць буду за ўвагу тваю.

(РЫГОР БАРАДУЛІН)

23/04/2024

"Закалочваем свой свет стары. Ён не прадаецца, ён пад снос..." Нам пасуюць гэтыя радкі з песні Алесі Унукоўскай.

15 ліпеня мы мусім сустрэць недзе ў іншым месцы.
А гэты дом будзе перабудаваны пад жылы. Так скончваецца наша гісторыя на вул. Чайкоўскага, 70.

Што цяпер? Мы шукаем для сябе памяшканне. Пажадана дом, але і проста з асобным уваходам нешта падойдзе.
Прасторнае.
Блізка да цэнтру.
Прывабнае.
Дасяжнае 24/7.

Мары, такія мары...

На цяперашні момант мы назбіралі каля 60000 рублёў, яны на нашым рахунку.

І мы працягваем прасіць у вас дапамогі. Бо нават калі не набываць, а браць у арэнду, нам трэба значныя выдаткі на абсталяванне належным чынам.

Самы просты спосаб, хіба, ЕРІП:
- Благотворительность, общественные объединения
- Просветительские, культурно-досуговые
- Радио РМ

Дзякуй ❤️

23/04/2024

23 красавіка Цэрквы візантыйскай традыцыі ўшаноўваюць святога велікамучаніка Юрыя Пераможцу.

Велікамучанік Георгій (Юрый) Пераможца паходзіць з Кападокіі, як і святыя Васіль Вялікі і Рыгор Багаслоў. Ён вырас у хрысціянскай сям'і - яго бацька прыняў мучаніцкую смерць за Хрыста, а маці, перасяліўшыся ў Палестыну, выхоўвала сына ў набожнасці і хрысціянскай пакоры.

Малады Юрый паступіў на службу ў рымскае войска і за сваю храбрасць і адвагу ў бітвах быў адзначаны імператарам Дыяклетыянам (284 - 305) і прыняты ў яго ахову ў якасці аднаго са старэйшых военачальнікаў. Доблесць Юрыя стала падставай праслаўляць яго ў песнапеннях як воіна Хрыстовага войска.

Імператар Дыяклетыян, які шмат зрабіў для адраджэння рымскай магутнасці, у апошнія гады свайго праўлення ўзмацніў ганенні на хрысціян і заклікаў да гэтага ўсіх правіцеляў. Святы Юрый, даведаўшыся аб такім рашэнні імператара, раздаў усю сваю маёмасць бедным, а рабоў адпусціў на волю і прапаведаваў Хрыста.

Імператар, здзіўлены палкай прамовай адважнага воіна, пераконваў яго не губіць сваё жыццё і прынесці ахвяру паганскім багам па рымскаму звычаю. Аднак Юрый адмовіўся адрачыся ад Хрыста і быў за гэта зняволены. З гэтага моманту пачаўся перыяд вялікіх выпрабаванняў і пакут адважнага хрысціяніна.

Імператар загадаў забіць св. Юрыя. Адбылося гэта 23 красавіка 303 г., у той дзень яму не споўнілася і 30 гадоў. Спяшаючыся злучыцца з нябесным войскам, ён увайшоў у гісторыю Царквы як Пераможца і праславіўся пад гэтым імем ад пачатку хрысціянства.

23/04/2024

23-24 красавіка 1930 г. адбылася І Унійная канферэнцыя ў Пінску.

Ініцыятарамі і арганізатарамі гэтага з’езду былі духоўнік Пінскай лацінскай духоўнай семінарыі беларус а. д-р Казімір Кулак і а. Ян Урбан, а мецэнатам — мясцовы рыма-каталіцкі біскуп Зыгмунт Лазінскі, шчыры прыхільнік ідэі царкоўнай уніі.

Сустрэчы распачаліся архірэйскай Літургіяй (у капліцы духоўнай семінарыі), якую адслужыў біскуп Лазінскі. У сваёй пропаведзі біскуп адзначыў, што галоўнай перашкодай для еднасці Цэркваў з’яўляецца нацыянальны, абрадавы і рэлігійны фанатызм.

Удзельнікамі сустрэчы былі 36 святароў (прадстаўнікоў чорнага і белага духавенства) і 22 слухачы — выхаванцы духоўнай семінарыі ў Пінску. Прэзідыум канферэнцыі склалі: ігумен а. Уладзімір П'янткевіч (усходняга абраду) з Альбярціна, а. Т. Галушчынскі і прэлат Леапольд Шуман з Луцка.

На канферэнцыі прагучала сем дакладаў, якія па тэмах можна падзяліць на дзве групы: 1) аналіз гістарычнага досведу ўнійных акцый і 2) абмеркаванне абрадавых аспектаў царкоўнага яднання. Вядома, дамінавала другая тэматыка.

Першая Пінская ўнійная канферэнцыя атрымала значны рэзананс у грамадстве, з новай сілай прыцягнуўшы ўвагу да ўнійнай ідэі. Ва ўнісон з заявамі канферэнцыі часопісы звярталіся да польскіх свецкіх і духоўных колаў з заклікамі не трактаваць працэс неауніі як палітычную справу. Падкрэслівалася, што ўнійная акцыя павінна быць вольная ад паланізацыйных тэндэнцый і стаўлення да ўсходняга абраду як да ніжэйшага, сапсаванага або проста як праявы жадання падпарадкаваць Усход Захаду. У 1931 г. у Дубне на сродкі Кангрэгацыі «Pro Russio» пачала дзейнічаць Папская семінарыя ўсходняга абраду — найбуйнейшая навучальная ўстанова па падрыхтоўцы святароў Каталіцкай Царквы візантыйскага абраду.

Значным дасягненнем І Пінскай канферэнцыі лічылася таксама прызначэнне Папам спецыяльнага апостальскага біскупа-візітатара для католікаў візантыйска-славянскага абраду ў Польшчы. Гэты ўрад прыняў украінскі грэка-каталік рэдэмптарыст а. Мікалай Чарнецкі. Яго біскупская катэдра знаходзілася ў Ковелі.

23/04/2024

«Прашу вас праз літасць Божую» (пар. Рым 12, 1). Так просіць Павел, а хутчэй, праз Паўла просіць Бог, бо хоча, каб Яго больш любілі, чым баяліся. Просіць Бог, таму што хоча быць не столькі Госпадам, колькі Айцом. Просіць Бог праз міласэрнасць, каб не караць суровасцю.

Паслухаем Госпада, Які просіць: паглядзіце і ўбачце ўва Мне сваё цела, свае члены, сваё нутро, свае косткі і сваю кроў. А калі баіцеся таго, што Божае, чаму не любіце таго, што чалавечае? Калі ўцякаеце ад Госпада, чаму не звяртаецеся да Айца?

Можа, вас непакоіць тая вялікая мука, якую вы Мне прычынілі? Не бойцеся. Гэты крыж скіроўвае сваё вастрыё не супраць вас, а супраць смерці. Гэтыя цвікі не працінаюць Мяне болем, а яшчэ больш паглыбляюць Маю любоў да вас. Гэтыя раны не прымушаюць Мяне стагнаць, але яшчэ больш уводзяць вас у Маё нутро. Маё цела распасціраецца на крыжы не для таго, каб павялічыць Маю муку, а каб прытуліць вас. Мая кроў не прападае дарэмна, але плаціць за ваша адкупленне.

Дык наблізьцеся, вярніцеся і прызнайце Айца, Які адплачвае дабром за зло, міласэрнасцю за знявагі, такой вялікай любоўю за такія раны.

Св. Пётр Хрызалог

22/04/2024

22 красавіка 1828 г. было прынята рашэнне аб стварэнні, асобна ад каталіцкай, грэка-ўніяцкай духоўнай калегіі і аб скасаванні чатырох уніяцкіх епархій. Замест іх былі ўтвораны Літоўская і Беларуская епархіі. Яны былі вялікія, расцягнутыя. Беларуская, напрыклад, - ад Курляндскай губерні да Херсонскай. Гэта прыводзіла да таго, што іх цэнтры знаходзіліся далёка ад ускраін.

Гэтыя захады рабіліся ў працэсе рэалізацыі праекта далучэння ўніятаў да праваслаўя, складзенага ў канцы 1827 г. і зацверджанага міністрам народнай асветы і галоўным кіраўніком Дэпартамента замежных веравызнанняў А. Шышковым.

22/04/2024

22 красавіка 1794 г. у Расійскай імперыі быў прыняты ўказ аб ліквідацыі ўсялякіх перашкод для вяртання ўніятаў у праваслаўе. Да яго была дададзена пастырская грамата Мінскага, Ізяслаўскага і Браслаўскага праваслаўнага архібіскупа Віктара Садкоўскага да ўніятаў. У ім, як і ва ўказе ад 17 мая, Кацярына ІІ падкрэслівала, каб ніхто з духоўных або свецкіх іншаверных “у самім вяртанні да праваслаўя перашкод рабіць не адважыўся”.

Супраціўленне пераводу з уніяцтва ў праваслаўе аказвала не толькі ўніяцкае духавенства, але і вернікі. У 1795 г. пачаліся хваляванні. Уніяцкія святары, застаўшыся без храмаў, не аддавалі каштоўныя рэчы з іх. Некаторыя праводзілі службу ў рыма-каталіцкіх капліцах або ў сваіх былых цэрквах, нягледзячы на тое, што яны былі ўжо нанова асвячаны праваслаўнымі.

Photos from Historyk's post 21/04/2024
21/04/2024

«Авечкі Мае слухаюць голас Мой, і Я ведаю іх, і яны ідуць за Мною, і Я даю ім вечнае жыццё» (пар. Ян 10, 14-16). Кажа пра іх таксама крыху вышэй: «Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу» (Ян 10, 9). Увойдзе да веры, выйдзе ад веры да бачання Бога, гэта значыць ад веры да сузірання, а пашу знойдзе ў вечным насычэнні.

Так авечкі Ягоныя знаходзяць пашу, бо кожны, хто ідзе за Ім са шчырым сэрцам, корміцца спажыткам вечнай зеляніны. А пашамі гэтых авечак ёсць не што іншае, як духоўныя радасці вечна квітнеючага раю. Паша выбраных – прысутнасць аблічча Божага. Калі глядзець на яго, будучы без заганы, душа бясконца насычаецца спажыткам жыцця.

Дык скіруемся, умілаваныя браты, да гэтых паш, на якіх мы будзем радавацца спатканню з такімі знакамітымі жыхарамі. Няхай нас заахвочвае да гэтага святкаванне тых, хто там весяліцца. Распалім, браты, нашы сэрцы, няхай душа саграваецца тым, у што верыць; няхай разгараецца наша імкненне да неба. Любіць такім чынам – гэта значыць ісці да яго.

Няхай ніякія нягоды не адцягваюць нас ад духоўнай радасці гэтага свята, бо калі нехта прагне ісці да прапанаванай яму мэты, то гэтага жадання не зменіць ніякая цяжкасць дарогі. Таму няхай вас не падманвае прывабнасць шчасця, бо неразумны той вандроўнік, які, убачыўшы цудоўныя краявіды лугоў, забываецца, якой дарогай ідзе.

Св. Рыгор Вялікі

20/04/2024

Вяліка Вячэрня на Нядзелю расслабленага

http://cssr.by/2019-03-04-08-41-21/chasaslou/193-rasslablenaha.html

20/04/2024

Я паміраю за ўсіх, – кажа Госпад, – каб усіх ажывіць праз Сябе, целам Сваім Я адкупіў целы ўсіх. Бо ў Маёй смерці смерць памрэ, і разам са Мной паўстане з упадку людская прырода.

Я стаў падобным да вас, сапраўдным чалавекам з роду Абрагама, каб прыпадобніцца ва ўсім да братоў. Св. Павел добра разумеў гэта, калі казаў: «Паколькі дзеці маюць удзел у целе і крыві, таму ў іх падобным чынам прыняў удзел таксама Ісус, каб праз смерць нізрынуць таго, хто мае ўладу над смерцю, гэта значыць д’ябла» (Гбр 2, 14).

Інакш не мог бы быць нізрынуты той, хто мае ўладу над смерцю, а таксама і сама смерць, калі б Хрыстос не аддаў Самога Сябе за нас, адзін дзеля адкуплення ўсіх, бо Ён па-над усімі.

Таму ў адным з псальмаў гаворыць, прыносячы самога сябе як беззаганную ахвяру Богу і Айцу: «Ахвяры і прынашэння Ты не пажадаў, але адкрыў мне вушы. Усеспалення і ахвяры за грэх Ты не патрабуеш. Тады сказаў я: Вось іду» (Пс 40, 7-9).

Ісус быў укрыжаваны за ўсіх і дзеля ўсіх, каб, дзякуючы смерці аднаго за ўсіх, мы ўсе жылі ў Ім. І не мог падпарадкавацца смерці ці знішчэнню Той, Хто ёсць па сутнасці самім жыццём. Пра тое, што Хрыстос ахвяраваў Сваё цела дзеля жыцця свету, мы зноў даведваемся з Яго слоў, калі Ён кажа: «Ойча святы, сцеражы іх» (пар. Ян 17, 11). І зноў: «За іх Я пасвячаю ў ахвяру Самога Сябе» (пар. Ян 17, 19).

Пасяліўшыся ў чалавечым целе, жыццядайнае Божае Слова вярнула яго да свайго дабра, гэта значыць аднавіла да жыцця. Дзякуючы гэтай невыказнай лучнасці, Слова зрабіла яго жыццядайным, такім жа, як і Само ў Сваёй боскай сутнасці.

Таму цела Хрыста ажыўляе тых, хто ўдзельнічае ў Ім: яно праганяе смерць ад смяротных людзей і знішчае тленнасць, ствараючы ў сабе самім цудоўную сілу нятленнасці.

Св. Кірыла Александрыйскі

Photos from Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква's post 20/04/2024

20 красавіка 2007 г. у Лондане памёр Гай Пікарда, ангельскі даследчык беларускай гісторыі і культуры, грамадска-культурны і рэлігійны свецкі дзеяч беларускага замежжа ў Вялікабрытаніі, музыколаг, фалькларыст, скарыназнавец, архівіст, выдавец і аранжыроўшчык беларускай царкоўнай музыкі.

Гай Пікарда паходзіў са старажытнай брэтонскай сям’і. Вучыўся ў Оксфардскім і Сарбонскім універсітэтах, стаў запатрабаваным адвакатам, спецыялістам па міжнароднаму спадчыннаму праву. Адначасова захапляўся царкоўнай музыкай, пераважна ўсходнеславянскай.

Аднойчы Гай Пікарда трапіў на службу ва ўніяцкі храм, які знаходзіцца ў “беларускай вёсцы” Фінчлі на поўначы лонданскага мегаполіса, пачаў там з’яўляцца ўсё часцей і часцей, працаваць у бібліятэцы імя Францыска Скарыны, а потым застаўся пры ёй і жыць.

Асабліва зацікавілі англійскага беларусіста жыровіцкі і супрасльскі ірмалагіёны ХVI стагоддзя. Іх даследаванне стала падставай для пазнейшай кнігі “Царкоўная музыка на Беларусі”, іншых грунтоўных работ. Захапіўся дзейнасцю Скарыны, сказаў новае слова пра сімволіку на гравюрах да яго кніг Бібліі.

Памёр у Лондане 20 красавіка 2007 г. Гай Пікарада вельмі хацеў, каб ягоны прах быў пахаваны ў Беларусі, бо шмат гадоў ён займаўся гісторыяй беларускай музыкі, напісаў шмат артыкулаў на гэтую тэму, шмат гадоў удзельнічаў у журы фестываляў “Магутны Божа”, і ў ягоным тастаменце была запісаная воля быць пахаваным у Беларусі. Прах Гая Пікарды быў пахаваны звонку Чырвонага касцёла 15 лістапада 2008 г.

19/04/2024

Наш Госпад Ісус Хрыстос быў кінуты пад ногі смерці, але Сам растаптаў яе, як топчуць дарогу. Ён паддаўся смерці і прыняў яе добраахвотна, каб яе знішчыць насуперак яе волі. Наш Госпад пайшоў на смерць, несучы крыж, бо смерць гэтага хацела, але Ён закрычаў на крыжы і вывеў мёртвых з адхлані насуперак жаданню смерці.

Смерць забіла Госпада ў Яго чалавечым целе, але той самай зброяй Ён здабыў перамогу над смерцю. Боства ўкрылася ў чалавечай прыродзе і падступіла да смерці; яна ж забіла і сама была забіта. Смерць забіла прыроднае жыццё, але, у сваю чаргу, яе забіла звышпрыроднае жыццё.

Паколькі смерць не магла пажэрці Яго без цела, і адхлань не магла паглынуць Яго без цела, Госпад сышоў ва ўлонне Дзевы, каб узятае ад Яе цела прывяло Яго ў адхлань. У прынятым целе Ён спусціўся ў адхлань, раскідаў і зрабаваў сабраныя там скарбы.

Прыйшоў да Евы, маці ўсіх жывых. Яна – вінаграднік, агароджу якога смерць выламала ўласнымі рукамі Евы, каб тая пакаштавала свой плод. Таму Ева, маці ўсіх жывых, стала для ўсіх крыніцай смерці.

Аднак, замест старой вінаграднай лазы, Евы, расквітнела Марыя, у якой пасяліўся Хрыстос – новае жыццё. Смерць шукала пажывы і, як зазвычай, падступілася, не падазраючы нічога. Але ў смяротным плодзе было схавана Жыццё, знішчальнае для смерці. Калі смерць паглынула Яго, не баючыся нічога, яна вызваліла жыццё і разам з ім многіх.

Св. Ахрэм Сірын

"З Богам для Беларусі". У Мінску праходзіць выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам першай паловы ХХ стагоддзя 18/04/2024

https://samaranin.by/naviny/z-bogam-dla-belarusi/?lang=be

"З Богам для Беларусі". У Мінску праходзіць выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам першай паловы ХХ стагоддзя 3 красавіка ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску адкрылася выстава, прысвечаная выдатным каталіцкім святарам ХХ стагоддзя. Мэта выставы — узгадаць

18/04/2024

18 красавіка 1981 г. памёр біскуп Баляслаў Слосканс, які быў Апостальскім візітатарам для беларускіх грэка-католікаў з 19 снежня 1952 года, а з 14 лютага 1953 года — і адказным за душпастырства для беларусаў лацінскага абраду ў Заходняй Еўропе. У 2000 годзе распачаты яго беатыфікацыйны працэс. У 2004 г. Папа Ян Павел ІІ падпісаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў біскупа Баляслава Слосканса.

18/04/2024

Тытул "Патрыярх Захаду" зноў з'явіўся сярод ганаровых званняў Рымскага пантыфіка. У «Папскім штогодніку» за 2024 г., які выйшаў з друку 9 красавіка, адноўлена гэтае старажытнае найменне, скасаванае ў 2006 г. Бенядыктам XVI.

Да апошняга часу поўны спіс тытулаў Папы выглядаў такім чынам: «Біскуп Рыма, Вікарый Хрыста, Пераемнік князя апосталаў, Кіраўнік Паўсюднай Царквы, Вярхоўны пантыфік, Прымас Італіі, Архіепіскап і мітрапаліт Рымскай правінцыі, Суверэн дзяржавы-горада Ватыкан, Раб рабоў Божых». Цяпер спіс папоўніўся найменнем "Патрыярх Захаду", якое, на думку гісторыкаў, было ўпершыню прынята Папам Тэадорам яшчэ ў 642 г., аднак у "Папскі штогоднік" яно было ўключана толькі ў 1863 г., пры Пію IX.

У 2006 г. Бенядыкт XVI палічыў тытул "састарэлым". У тлумачэнні, апублікаваным тады Папскай радай па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству, адзначалася, што культурнае і геаграфічнае разуменне Захаду пашырылася за межы Заходняй Еўропы і ахапіла таксама Паўночную Амерыку, Аўстралію і Новую Зеландыю.

Рашэнне Папы Ратцынгера было без захаплення ўспрынята ў праваслаўным свеце, дзе некаторыя багасловы ўбачылі ў ім імкненне Рыма пашырыць сваю ўладу. Аднак у Папскай радзе супакоілі сваіх усходніх партнёраў, заявіўшы: «Адмова ад гэтага тытула пакліканая выказаць гістарычны і багаслоўскі рэалізм і ў той жа час стаць адмовай ад дамаганняў, што магло б прынесці карысць экуменічнаму дыялогу».

На гэты раз ні Дыкастэрыя па садзейнічанні хрысціянскаму адзінству, ні прэс-служба Апостальскай Сталіцы не апублікавалі заявы, якая тлумачыць рашэнне Папы Францішка аднавіць патрыяршы тытул.

Тытул "Патрыярх Захаду" нагадвае аб досведзе І тыс. царкоўнай гісторыі, калі існавала пяць патрыяршых катэдраў: Рымская, Канстанцінопальская, Александрыйская, Антыёхійская і Ерусалімская, якія складалі так званую Пентархію.

Аднаўленне патрыяршага тытула Рымскага пантыфіка варта разглядаць у кантэксце падрыхтоўкі да святкавання 1700-годдзя І сусветнага сабора ў Нікеі. Яшчэ два гады таму Папа Францішак прапанаваў зірнуць на гэты юбілей як на новы стымул да аб'яднання Цэркваў. Заклік становіцца тым больш актуальным, што ў 2025 г. хрысціяне ўсіх канфесій будуць святкаваць Вялікдзень у адзін дзень - 20 красавіка.

Гістарычна тытул Патрыярха застаецца адзіным тытулам, агульным для Усходу і Захаду і, аднавіўшы яго, Францішак у пэўным сэнсе паставіў сябе на адзін узровень з праваслаўнымі першаерархамі.

18/04/2024

Вінаградная лаза, пасаджаная ў зямлю, прыносіць плён у адпаведны час, і зерне збажыны, падаючы ў зямлю і прарастаючы, прыносіць у шмат разоў большы плён з дапамогай Духа Божага, які ахоплівае ўсё. Пасля, дзякуючы Божай мудрасці, усё выходзіць на карысць чалавеку, а прымаючы Божае слова, становіцца Эўхарыстыяй, гэта значыць Целам і Крывёй Хрыста. Таксама і нашыя целы, якія жывяцца імі, спачнуць калісьці ў зямлі і прарастуць у ёй, але ўваскрэснуць у свой час, калі Слова Божае дасць ім уваскрасенне дзеля хвалы Бога Айца, Які смяротнае апранае ў несмяротнасць, а тленнае ласкава адорвае нятленнасцю, паколькі Божая моц удасканальваецца ў слабасці.

Св. Ірыней Ліёнскі

16/04/2024

16 красавіка 1947 г. памёр а. Антон Дамброўскі, арганізатар і кіраўнік Усходняй місіі езуітаў, настаяцелем якой быў да 1938 г. Адзін з ініцыятараў і заснавальнікаў неаўнійнага руху ў міжваеннае дваццацігоддзе. Прыхільнік беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця на Палессі. У апошнія гады жыцця працаваў у Ковенскай духоўнай семінарыі.

16/04/2024

О браты, о сыны, о каталіцкія парасткі, о святыя нябесныя нашчадкі, адроджаныя ў Хрысце і народжаныя звыш, паслухайце мяне, а хутчэй таго, хто кажа праз мяне: «Спявайце Госпаду новую песню». Вось ты гаворыш: «Я спяваю». Так, ты спяваеш, спяваеш выразна, і я чую. Але няхай жыццё не сведчыць супраць языка.

Св. Аўгустын

15/04/2024

Калі Майсей вызваліў народ з няволі Егіпта і перавёў яго праз Чырвонае мора, у хвалях якога патанулі войскі фараона, увесь народ заспяваў песню перамогі. Так і мы, атрымаўшы ў хросце адпушчэнне грахоў, павінны аддаць належную падзяку за нябесныя дабрадзействы.

Егіпцяне, якія прыгняталі народ Божы, былі вобразам змроку і ўціску. Таму гэта трапны сімвал грахоў, якія пераследавалі нас, пакуль не патанулі ў хросце.

Вызваленне сыноў Ізраіля і ўвядзенне іх у абяцаную зямлю – гэта вобразнае ўвасабленне таямніцы нашага адкуплення. Праз яе ласка Хрыста асвятляе нас і вядзе да святла нябеснага жылля. Святло гэтай ласкі сімвалізаваў вогненны слуп воблака, які спадарожнічаў габрэям падчас усёй іх вандроўкі. Ён абараняў іх ад начнога змроку і прывёў іх цудадзейнай сцяжынай да абяцанай айчыны.

Св. Беда Вялебны

13/04/2024

Вялікая Вячэрня з Ліцьцёй на Нядзелю міраносіцаў

http://cssr.by/2019-03-04-08-41-21/chasaslou/191-vyalikaya-vyachernya-z-litstsjoj-na-nyadzelyu-miranositsau.html

12/04/2024

Каштоўны і жыватворны крыж Хрыстовы

О найкаштоўнейшы дар крыжа! Паглядзі, які цудоўны выгляд яго! Ён не мае ў сваім выглядзе сумесі дабра і зла, як вядомае дрэва ў Эдэме, але ўсю яго красу і прыгажосць люба сузіраць і адчуваць.

Бо гэта дрэва нараджае жыццё, а не смерць; яно асвятляе, а не зацяняе; яно ўводзіць у рай, а не выганяе. На гэта дрэва Хрыстос узышоў, як на калясніцу, і знішчыў д’ябла, які меў моц смерці, і вызваліў чалавечы род ад тыранічнага рабства.

На гэтым дрэве Госпад як самы дасведчаны воін: зранены падчас бою ў рукі, ногі і боскі бок, але імі Ён вылечыў нашую прыроду, зраненую атрутай змея.

Калісьці дрэва прынесла нам згубу, а цяпер, дзякуючы дрэву, нам было вернута жыццё. Калісьці з-за дрэва нас падманулі, а цяпер мы адкінулі на дрэве старадаўняга змея. Гэта сапраўды новыя і незвычайныя замены. Замест смерці даецца жыццё, замест тленнасці – нятленнасць, замест ганьбы – слава.

Таму дарэчна ўсклікаў св. апостал Павел: «Няхай я не буду хваліцца нічым, акрамя крыжа нашага Госпада Ісуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я – для свету» (Гал 6, 14). Бо гэта найвышэйшая мудрасць, якая быццам расцвіла на крыжы, аспрэчыла пыху мудрасці гэтага свету і яе ганарыстую глупоту. А разнастайныя даброты, якія бяруць пачатак у крыжы, вырвалі парасткі зла і нягоднасці.

Ад пачатку свету толькі сімвалы і правобразы гэтага дрэва былі знакамі і прадвесцем неверагодных будучых цудаў. Таму няхай паглядзіць кожны, каго ахоплівае прагнасць пазнання. Ці ж не на малым дрэве каўчэга Ной разам з дзецьмі і жывёламі ўсякага роду ўратаваўся з Божай дапамогай ад згубы патопу?

А што наконт жазла Майсея? Ці ж гэта не вобраз крыжа? На яго ўзмах вада ператварылася ў кроў, гэтае жазло паглынула змеяў егіпецкіх чарадзеяў; сваім ударам яно раздзяліла мора, а потым вярнула марскія плыні і затапіла ворагаў, захоўваючы тых, хто быў выбраным народам.

Такім вобразам крыжа было і жазло Аарона: за адзін дзень расцвіло, паказваючы законнага святара.

Таксама Абрагам указваў на дрэва крыжа, калі свайго звязанага сына паклаў на стосе дрэва. На крыжы смерць была забіта, а Адам вернуты жыццю. Крыжам хваліцца кожны апостал, крыж прыносіць вянок перамогі кожнаму пакутніку, крыжом асвячаецца кожны святы. З дапамогай крыжа мы апранаемся ў Хрыста і здымаем з сябе старога чалавека. Дзякуючы крыжу мы, авечкі Хрыстовы, сабраны ў адзін статак і прызначаны для нябеснай аўчарні.

Св. Тэадор Студыт

Want your place of worship to be the top-listed Place Of Worship in Minsk?
Click here to claim your Sponsored Listing.

Беларуская грэка-каталіцкая царква сёньня

Архіпастырам Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы (БГКЦ) з'яўляецца прэфект Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў кардынал Леанардо Сандры. Кіраўніцтва штодзённым жыцьцём Царквы ажыццяўляе Апостальскі Візітатар “ad nutum Sanctae Sedis” для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

ПАРАФІІ:
БАРАНАВІЧЫ. Парафія сьвятых роўнапостальных Кірылы i Мятода
а. Яўген Маліноўскі
Адрас: вул. Міцкевіча, 65. Тэл. (8-0163) 416-461.
Набажэнствы адбываюцца ў нядзелі і сьвяты ў касьцёле айцоў-вярбістаў (вул. Шаўчэнкі, 6).

БАРЫСАЎ. Парафія сьвятога Арханёла Міхаіла

БЕРАСЬЦЕ. Парафія сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя
а. Ігар Кандрацьеў
Душпастырскі цэнтар і царква сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя
Адрас: вул. Дворнікава, 63. Тэл.: (8-0162) 24-74-84.

ПАРАДАК НАБАЖЭНСТВАЎ І МАЛІТОЎНЫХ СПАТКАНЬНЯЎ:
Будзённыя дні:
17.00 - 18.00 — Магчымасьць споведзі.
18.00 — Боская Літургія. Калі няма сьвятара — служыцца Абедніца.
Магчымасьць духоўнай размовы з сьвятаром — пасьля Літургіі або па ўзгадненьні з сьвятаром.
Нядзеля і парафіяльныя сьвяты:
13.00 — Боская Літургія.
15.00 -— Брацкая агапа.
16.00 - 18.00 — Малітоўнае спатканьне харызматычнай супольнасьці “Maran atha” (Маран ата).

ВІЦЕБСК. Парафія Ўваскрасеньня Хрыстовага. Парафія Хрыста Збаўцы
а. Зьміцер Грышан, а. Аляксей Варанко
Адрас: вул. 2-я Войкава, 6. Тэл. (8-0212) 36-18-33.
Боская Літургія: нядзеля — 10.00.

ВОРША. Парафія Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы
а. Зьміцер Грышан
Набажэнствы адбываюцца ў касьцёле сьв. Язэпа штонядзелі а 14:00 (вул. Савецкая, 6).

ГОМЕЛЬ. Парафія Трох сьвяціцеляў
а. Васіль Ягораў +375 29 9569536
Адрас: Касьцёл Нараджэньня Божай Маці (вул. Савецкая, 118).
Боская Літургія кожную 2-ую і 4-ю нядзелю месяца ў катэхетычнай капліцы на першым паверсе храму а гадз. 16.30.

ГОРАДНЯ. Парафія Маці Божай Фацімскай
а. Андрэй Крот
facebook.com/facimskaja
Адрас: вул. Гараднічанская, д. 32а. Тэл. (8-0152) 33-24-50.
Боская Літургія: нядзеля — 10.00,
падчас сьвятаў у буднія дні — 18.00

ЖОДЗІНА. Парафія сьв. апосталаў Пятра і Паўла

ЗАСЛАЎЕ. Парафія Перамяненьня Гасподняга
Касьцёл Унебаўзяцьця Дзевы Марыі

ІВАЦЭВІЧЫ. Парафія Маці Божай Жыровіцкай
а. Андрэй Буйніч, а. Віталь Быстроў і дыякан Вячаслаў Гарчакоў
Адрас: вул. Касманаўтаў, 1. Тэл. (8-01645) 2-43-44, 2-25-11.
Набажэнствы:
субота, 18.00 - Вячэрня
нядзеля, 10.00 - Боская Літургія

ЛІДА. Парафія сьв. Язафата
а. Андрэй Буйніч +375 29 566 24 14 https://www.facebook.com/lidabhkc/?ref=bookmarks
Адрас: вул. Каліноўскага, 16. Тэл. (8-0154) 610-100.
Расклад набажэнстваў:
нядзеля: 11:00 Сьвятая Літургія

МАГІЛЁЎ. Парафія Бялыніцкай іконы Маці Божай
а. Васіль Ягораў +375 29 956 95 36
Адрас: вул. Лазарэнка, капліца на могілках.
Боская Літургія: нядзеля — 10.00.

МАЛАДЭЧНА. Парафія Хрыста Чалавекалюбцы
а. Аляксей Філіпенка
Адрас: вул. Віленская, 44
Расклад набажэнстваў:
нядзеля
15:00 — Сьвятая Літургія

МАР'ІНА ГОРКА. Парафія Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы

МЕНСК. Парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі
а. Яўген Усошын
Адрас: зав. Сьнежны, 7 (ст. метро "Маладзёжная", прыпынак трал. № 7, 9, 57 "БелпласАнтон Нікалаеў, рэдэмптарыст а. Зьміцер Чарнель, рэдэмптарыстт"). Тэл. 251-06-20.

Расклад набажэнстваў:
серада
18:15 — Акафіст да Маці Божай Нястомнай Дапамогі
18:30 — Сьвятая Літургія
Катэхетычная сустрэча
субота
10:00 — Сьвятая Літургія (за памерлых)
18:30 — Вячэрня
нядзеля
9:00 — Ютрань
10:00 — Сьвятая Літургія
11:30 — Сьвятая Літургія
Сайт: http://cssr.by

МЕНСК. Парафія Сьвятога Духа
а. Андрэй Абламейка,
Адрас: Чырвоны касьцёл (капліца каля бібліятэкі)
Расклад набажэнстваў:
нядзеля
10:00 — Ютрань
11:00 — Сьвятая Літургія
18:00 — Сьвятая Літургія

МЕНСК. Парафія Праведнага Язэпа
а. Аляксандр Шыбека,
Цэнтр Сьвятога Язэпа, капліца Ўсіх Сьвятых Беларускіх
Адрас: вул. Арджанікідзэ, 6 (ст. метро “Аўтазаводская”) тэл. 242-41-83.
Расклад набажэнстваў:
аўторак
19.00 — Вячэрня
пятніца
18.30 — Сьвятая Літургія (за памерлых)
нядзеля
9.00 — Ютрань
10.00 — Сьвятая Літургія
16.00 — Сьвятая Літургія
Сайт: svjazep.org, valancer.by, mail: [email protected]

МЕНСК. Парафія сьв. Міколы Цудатворцы
а. Яўген Усошын
Адрас: касьцёл сьв. Яна Хрысьціцеля (вул. Пляханава)

НАВАГРАДАК. Парафія сьв. Барыса і Глеба
а. Андрэй Буйніч

ПІНСК. Парафія Нараджэньня Найсьвяцейшай Багародзіцы
а. Ігар Кандрацьеў
Старшыня парафіі: спн. Людміла Кандратовіч, тэл.: (016) 35-76-40, (+375-29) 823-03-50.

ПОЛАЦАК. Парафія сьв. Язафата
а. Аляксандар Шаўцоў
Адрас: вул. Навасёлаў, 70. Тэл. (8-02144) 33-076.
Расклад набажэнстваў:
субота
9:30 — Сьвятая Літургія
нядзеля
9:30 — Сьвятая Літургія

СЛОНІМ. Парафія Сьвятой Тройцы
Старшыня парафіі: спн. Яўгенія Лазар. Тэл. (8-01562) 2-01-72.

З А М Е Ж Ж А:

ЛОНДАН (ВЯЛІКАБРЫТАНІЯ). Беларуская каталіцкая місія. Парафія сьв. Пятра і Паўла
а. Сяргей Стасевіч.

АНТВЭРПАН (БЕЛЬГІЯ). Парафія сьв. Язафата і Ўваскрасеньня Хрыстова
а. Ян МАЙСЕЙЧЫК (тэл. 0486/841-114)
Heilige-Hartkerk
Lange Beeldekensstraat 22
B-2060 Antwerpen
Набажэнствы (Боская Літургія) адпраўляюцца штонядзелі а 12.00 гадз.

ПРАГА (ЧЭХІЯ). Беларускае грэка-каталіцкае душпастырства Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы
а. Андрэй АБЛАМЕЙКА
Набажэнствы ў апошнюю нядзелю месяца ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна – Vyšehradská 49, Praha 2 (уваход з вуліцы Na Slovanech).

ВЕНА (АЎСТРЫЯ). Беларускае грэка-каталіцкае душпастырства Хрыста Чалавекалюбцы
а. Андрэй АБЛАМЕЙКА
Набажэнствы ў царкве сьвятой Барбары (Postgasse, 8):
- кожная субота - 09.30
- кожная першая нядзеля месяца - 18.00

КАЛІНІНГРАД (РАСЕЯ). Грэка-каталіцкая парафія сьв. Еўфрасіньні Полацкай
Багаслужбы праводзяцца ў кожную апошнюю нядзелю месяца ў будынку рыма-каталіцкай парафіі Сьвятой Сям’і (г. Калінінград, вул. Лесапільная, 72).
Кантакт: Расьціслаў Шаховіч, старшыня Беларускага таварыства культуры, тэл.: 906217591, [email protected]

Videos (show all)

📢 Гэта цікава.  Як гучалі старажытныя мовы, якія згадваюцца ў Бібліі?
Гарадзенская школа дойлідства
Гарадзенская школа дойлідства
Панядзелак Святога Духа ў парафіі Святога Духа (Мінск).

Address


Улица Орджоникидзе 6
Minsk
220021
Other Religious Organizations in Minsk (show all)
Царква Iсуса Хрыста Святых апошнiх дзён у Беларусi Царква Iсуса Хрыста Святых апошнiх дзён у Беларусi
Велозаводская, д. 8
Minsk

Страница Церкви Иисуса Христа Святых последних дней в Беларуси на русском языке.

Discipleship International Church page Discipleship International Church page
НЕЗАВИСИМОСТИ 155
Minsk, 786522

НЕ ПОРТИ НАСТРОЙ

daminikanki_by daminikanki_by
Дамініканкі
Minsk, 22023

Сёстры дамініканкі з Беларусі

redchurchminsk redchurchminsk
Савецкая
Minsk

baptist.by baptist.by
Улица Яна Райниса 6, а\я 25
Minsk, 220107

РО Союз Евангельских Христиан Баптистов в Республике Беларусь

Kloster der Hl. Elisabeth Kloster der Hl. Elisabeth
Ulica Vygotskogo, 6
Minsk, 220080

Hl. Elisabeth Kloster (Minsk, Belarus) offizielle Facebook-Seite Wir bieten Einblick in das Kloster

Библейское Общество в Республике Беларусь Библейское Общество в Республике Беларусь
Улица Чигладзе, дом 19
Minsk, 220093

Межконфессиональное христианское религиозное братство Издание, распространение и популяризация Библии с 1816 г.

Белорусская Православная Церковь Белорусская Православная Церковь
Улица Освобождения 10
Minsk, 220004

Белорусская Православная Церковь МП

Церковь "Новая Жизнь" (Минск) Церковь "Новая Жизнь" (Минск)
Ковалева 72
Minsk, 220019

Богослужения проходят каждое воскресенье в 10:00, 12:30 и 19:00 (для молодёжи)

Храм преподобного Сергия Радонежского. Минск Храм преподобного Сергия Радонежского. Минск
Улица Каролинская д. 7
Minsk, 220000

Приход храма преподобного Сергия Радонежского в г. Минске Минской епархии Белорусской Православной Церкви